Свята сям’і, любові і вернасці

Колькі б нягод ні выпадала на нашым шляху, якім бы страшным ні здаваўся свет, усё роўна заўжды цягне сэрца чалавека імкнецца да святла, да любові. І як цудоўна, калі царства гэтых вялікіх пачуццяў мы можам адшукаць зусім поруч – у сваёй сям’і, у вачах і сэрцах родных, блізкіх. Зразумець гэтае шчасце, стаць са сваімі роднымі яшчэ бліжэйшымі дапамагло Свята сям’і, любові і вернасці, якое адзначылі 9 ліпеня ў Белаазёрску.
 Чароўна было назіраць за тым, як з самага рання ў сонны яшчэ горад прабіраецца трапятанне святочнага чакання. Яго, спяшаючыся па вулачках, клапатліва неслі ў сваіх сэрцах прыхаджане ў храм. Менавіта там была крыніца той радасці і святочнасці, што ўдзень буйною ракою ахапіла і ўвесь горад.
         Напярэдадні, 8 ліпеня, у нашым храме адзначалася свята Прававерных князя Пятра і княгіні Феўронні Мурамскіх цудатворцаў. Таму ў нядзелю сястрыцтвам і брацтвам было наладжана віншаванне ўсіх прыхаджан нашага храма і гасцей горада. Для самых маленькіх вернікаў – дзетак, што прычашчаліся ў гэты дзень, – былі падрыхтаваныя рознакаляровыя паветраныя шары, віншаванні і ўсмешкі. А дарослым наведвальнікам нашага храма братчыкі дарылі папяровыя рамонкі і раздавалі буклеты. Дзяўчатам — вяночкі, сплеценыя з кветак, а пасля святочнай службы прыхаджан частавалі салодкімі булачкамі і кампотам.
         Не падзяліцца той радасцю, што панавала ў сэрцы кожнага, было немагчыма. І таму вялікая калона прыхаджан, братчыкаў, сёстраў, пеўчых на чале з айцамі нашага храма прайшла святочным шэсцем да Белаазёрскага дома культуры. Ідучы, віншавалі ўсіх жыхароў горада, раздавалі рамонкі і буклеты. І такім шчасцем было бачыць удзячнасць у вачах белаазёрцаў, адчуваць, што гэтая раніца стала і для іх па-сапраўднаму святочнай!
         Пра важнасць Свята сям’і, любові і вернасці шмат слоў было сказана на канцэрце. З прамовамі выступалі настаяцель нашага храма айцец Аляксей Аляхновіч і выканаўца абавязкаў старшыні Белаазёрскага гарвыканкама Пеліпец У.У.. Віншавалі са святам белаазёрцаў вакалісты і танцавальны калектыў “Журавінка”. Сваёй творчасцю яны паказвалі, наколькі важна быць сапраўды блізкімі, вернымі, шчырымі са сваёй сям’ёй, наколькі вялікую сілу і шчасце даюць нам родныя, блізкія.
         Цудоўнай падзеяй і ўжо традыцыяй стала ўзнагароджанне жыхароў нашага горада, якія сваёй працай робяць жыцці сем’яў лепшымі, шчаслівейшымі. У гэтым годзе ўзнагароджвалі медыкаў, што працуюць з дзецьмі: гэта і ўрачы-педыятры, і акушэры-гінеколагі, і медсёстры дзіцячых аддзяленняў.
         Таксама падчас святкавання вялікая ўвага надавалася менавіта ўменню будаваць гарманічныя зносіны ў сям’і. Увечары адбылася сяброўская сустрэча з педагогам-псіхолагам Брэсцкага СПЦ Зданкевiч I.П..
         Свята сям’і, любові і вернасці насамрэч стала днём блізкасці і святла, радасці і віравання лепшых чалавечых пачуццяў. Спадзяюся, што кожны, хто хоць крышачку дакрануўся душой да гэтага свята, зможа пранесці яго святло праз усё сваё жыццё.
Лычык Аліна, вучаніца 11 класа “Сярэдняй школы №3 г. Белаазёрска”, прыхаджанка храма святога Серафіма Сароўскага ў г. Белаазёрску

(1)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *